Гiсторыя гурта “Камэлот” сягае ў канец 1991 года, калi сабралiся чатыры адзiных па духу
чалавека — Алесь Кiшкiн, Зьмiтро Сiдаровiч, Iгар Войнiч i Валiк Агееў — i стварылi музычны калектыў, якi за аснову свайго накiрунку ўзяў рыцарскiя i жаўнерскiя песьнi старажытнай Беларусi. За даволi кароткi тэрмiн было напiсана некалькi кампазыцый у духу Сярэднявечча. Зразумела, была зроблена папраўка на сучасныя рэалii i рытмы, i неўзабаве гурт стаў выступаць на невялiкiх iмпрэзах-вечарынах, якiх у часы ўздыму нацыянальнай сьвядомасьцi беларусаў праводзiлася даволi шмат.
       Спачатку, як звычайна, гурт быў безыменны. Для ўдзелу ў адным з конкурсаў, у якiм, праўда, музыкi так i не асьмелiлiся ўдзельнiчаць, у заяве трэба было падаць назву гурта. Алесь Кiшкiн, якi афармляў дакуманты, i напiсаў — “Камэлот”. Гэтая назва прыжылася за ўдзельнiкамi калектыву, бо “Камэлот” — назва iдэальнага замка, прытулка вандроўных ваяроў у сярэднявечных рыцарскiх раманах. Гэтая назва злучылася з накiрункам творчасьцi музыкаў — разгляд беларускай культуры ў агульнаэўрапейскiм кантэксьце, што беларуская культура ня толькi сялянская, але i гарадская — культура беларускiх гарадоў мiнулага. Гралi “камэлотаўцы” выключна акустычную музыку, выкарыстоўваючы гiтары, флейты, бубны, вiяланчэль, кантэле (разнавiднасьць гусьляў), дуду, скрыпкi, клявэсын i чэлесту. Зразумела, пры такiм наборы iнструмэнтаў, праз гурт праходзiла значная колькасьць людзей, але асноўны касьцяк заставаўся нязьменным: Кiшкiн-Войнiч-Сiдаровiч. Пры наяўнасьцi некаторага посьпеху, творчасьць гурта па-сутнасьцi iгнаравалася дзяржаўнымi сродкамi масавай iнфармацыi, незалежныя ў той час яшчэ былi даволi слабымi.
       У канцы 1992г. гурт падрыхтаў канцэртную праграму 'У краіне Талераў', якую, акрамя Менска, змаглі пабачыць у Гародні, Магілеве і Берасці. Частку песень з праграмы музыкi пераклалi на электрычныя iнструмэнты i выступiлi зь iмi ў Польшчы на фэсьце “Басовiшча-93”.
       На жаль, сытуацыя ў беларускiм шоў-бiзнэсе не спрыяе посьпеху беларускамоўных выканаўцаў. Вынiкам гэтага стала маўчаньне “Камэлота” на два гады. На пачатку 1995г. ўдзельнiкi гурта, пазычыўшы шэраг музычных iнструмэнтаў, зноў зьбiраюцца, каб запiсаць свае старыя песьні. У “Камэлоце” зьяўляецца Анатоль Басай, якi ў калектыве стаў сьпяваць усе асноўныя вакальныя партыi, а таксама, часам граць на клявiшных. У лютым-сакавiку 1995г., у хатнiх умовах на звычайным магнiтафоне-портастудыi быў запiсаны альбом, якi ўдалося зьвесьцi на прафэсыйнай студыii i за свой жа кошт выпусцiць касэту (толькi ў 1996г.). Альбом, па прызнаньні выдаўцоў — кампанii “TON-records”, меў даволi значны посьпех, першы наклад касэт хутка разышоўся. Грошы музыкам за выданьне альбома вярнулi i нават прапанавалi падпiсаць кантракт на наступныя тыражы. Гэты альбом у 1996 годзе вылучаўся па намінацыі Лепшы альбом года ў “Рок-каранацыі-96”, аднак першае месца журы аддало альбому “Ляпіса Трубецкога”.
       Праграма "У краіне Талераў" была ўзятая за аснову адноўленых канцэртных выступленьняў гурта ў 1997г. Ва ўмовах амаль поўнай адсутнасьці на Беларусі апаратуры, якая можа агучыць акустычныя інструмэнты, у “Камэлоце” грае абмежаваная колькасьць музыкаў і выкарыстоўваюцца ў асноўным электрагітары, бубны і, па-магчымасці, флейта. Сучасны склад гурта: Ігар Войніч, Анатоль Басай і двое новых ўдзельнікаў Цімур Велітоўскі і Віталь Лойка, якія набылі ўжо вядомасьць і імя ў іншых беларускіх гуртах і музычных праектах “Why Not”, ОХР і інш. Астатнія ўдзельнікі абмяжоўваюцца студыйнай працай. Вышэйпамянёным складам “Камэлот” на працягу апошніх двух гадоў выступаў у многіх сумесных з іншымі калектывамі “сэйшэнах” і рок-акцыях – “Вольныя танцы”, “Люби настоящее” – антыпірацкая акцыя, “Рок-ураджай-97” і інш. Канцэрты за рэдкім выключэньнем – Маладэчна і Беласток – праходзілі ў Менску. У 1997г. гурт разам з удзельнікамі менскага рыцарскага клюба “Сэрца Дракона” выступаў з канцэртамі ў клюбах Даніі. У 1997-98 гг. падрыхтавана новая праграма “Заклiнальнiк Ветру”, якую ніяк не ўдаецца ператварыць ў поўнапраўны студыйны альбом. На сёньняшні дзень цалкам падрыхтаваная для запісу на CD адзіная песьня - "Пагоня". Неўзабаве будуць гатовыя і іншыя песьні.
       'Камэлот' нарэшце заўважыла прэса, за апошнi час пра гурт напiсана безьлiч артыкулаў, узятыя iнтэрв’ю, па радыё і тэлебачаньню загучалi песьнi "Камэлота". Кампазіцыі гурта выкарыстоўваюцца як беларуская музычная аўтэнтыка ў многіх тэле- і радыёперадачах, на разнастайных вечарынах, народных сьвятах, танцавальнымі ансамблямі. Дапамагалi музыкi i ў станаўленьнi беларускіх рыцарскіх клюбаў (у асноўным стварэньнем тых жа музычных кампазыцый). Музыкі гурта не абмяжоўваюцца творчай працай выключна ў “Камэлоце”, яны ўдзельнічаюць і ў іншых музычных праектах. За ўсе гады існавання гурта "камэлотаўцамі" былi напiсаны песьнi i кампазыцыi да кiнафiльмаў “Беларусь, лета 1991” (дакум., рэж. У.Колас), “Шукальнiкi скарбаў” (маст., рэж. I.Волах), тэленавэлы “Бітва на Нямізе” (рэж. М.Мілаванаў), спэктакля С.Кавалёва “Заложнiца каханьня” паводле сярэднявечнай рыцарскай аповесьцi “Аб княжаньнi Гвiдона i яго сыне, слаўным рыцары Баве” (паст.: А.Гузiя, тэатар 'Вольная сцэна', г.Менск), soundtrack да гэтага спектакля мяркуецца выпусціць асобным CD.

 
      Кнопка гурта Камэлот
Каб разьмясьціць гэтую кнопку на сваёй старонцы, зрабіце копію наступнага HTML-кода:
<a href="http://www.twoserge.kryvia.net/camelot.html">
<img src="http://www.twoserge.kryvia.net/images/camelot.gif"
alt="Этна-рок-гурт КАМЭЛОТ" border=0></a>

 
Back Home